^Вверх

foto1 foto2 foto3 foto4 foto5
foto5

Анонсы мероприятий

 

#Колледж_читает

Стихи барановичских авторов и не только для Вас. Присоединяйтесь!

#Колледж_рисует

Любишь рисовать? Тогда тебе к нам. Делись своими работами c Интернет-пользователями.

#Фотоконкурс

Родились в Барановичах или просто любите этот город? Тогда наш конкурс для Вас.

#Видеоконкурс

Нравится передача "Сам себе режиссёр"? Не выпускаешь из рук камеру? Тогда тебе к нам!

 

 

Фото дня

COheXoeC08o.jpg

Авторизация

«Многія спачатку дзівіліся, як гэта ім бясплатна будуць дапамагаць...»

User Rating: 5 / 5

Star ActiveStar ActiveStar ActiveStar ActiveStar Active
 

http://www.zviazda.by/be/news/20180528/1527526789-mnogiya-spachatku-dzivilisya-yak-geta-im-byasplatna-buduc-dapamagac

Цікавы сацыяльны праект стартаваў у Баранавічах.

Маладыя дзяўчаты-валанцёры з прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання бясплатна стрыгуць пажылых людзей, жанчынам фарбуюць валасы, могуць зрабіць укладку і манікюр. А чаму б і не? Нашы пенсіянеркі таксама хочуць быць прыгожымі!


«Лічу сябе маладой. Яшчэ не вечар!..»

Зінаіда Аляксандраўна Педзь (на здымку) прыйшла ў Рэсурсны цэнтр каледжа зрабіць прычоску. У яе на сёння запланавана мерапрыемства: яна разам з мужам ідзе на сустрэчу з навучэнцамі каледжа, будзе расказваць пра сваё дзяцінства, якога насамрэч, можна сказаць, і не было — адабрала вайна. Зінаідзе Аляксандраўне 87 гадоў, выступаць перад публікай ёй не прывыкаць, яна ж былая настаўніца пачатковых класаў. «Хацела сёння надзець белую спаднічку і туфлікі прыгожыя, — кажа гэтая мініяцюрная пажылая жанчына. — Але ногі набрынялі, да таго ж і халаднавата сёння, так што прыйшлося цалкам мяняць задумку. Выбрала цёплую сукенку, я яе ў гэтым годзе яшчэ не надзявала...» Сапраўднай жанчыне ў любым узросце не ўсё роўна, як яна выглядае.

З гэтым згодная і 77-гадовая Святлана Іванаўна Іванова, якая прыйшла сюды на манікюр. «Я лічу сябе маладой, — аптымістычна кажа жанчына. — Яшчэ не вечар...»

«Тут і стрыгуць бясплатна, — паведамляе яна. — Але я ўжо некалькі гадоў як хаджу да свайго цырульніка, ён ведае, чаго я хачу, што мне пасуе...» Доўгіх пазногцяў мая суразмоўніца не любіць, як і яркіх колераў, таму выбрала спакойны ружовы лак. Сапсаваць манікюр на дачы не баіцца па той прычыне, што яе няма. Тлумачэнне простае: «Муж памёр дзевяць гадоў таму, сын жыве ў Мінску, так што я адна. Навошта мне тая дача? Я купіла два вядры бульбы восенню, і мне іх хапіла на ўсю зіму...»

 

Пакуль навучэнка каледжа Юля Калядзіч апрацоўвае жанчыне пазногці, тая ахвотна расказвае пра сябе. Святлана Іванаўна Іванова — ураджэнка горада Іванава (як гучыць!), але ўжо 54-ы год жыве ў Баранавічах. Прыехала калісьці маладой дзяўчынай працаваць па размеркаванні на Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне, выйшла замуж, пасялілася ў мікрараёне Тэкстыльны ды так і асела тут. Цяпер жыве адна, але, кажа, ёй не да суму. Сябруе з суседзямі, займаецца вышыўкай... А яшчэ ў Святланы Іванаўны ёсць планшэт. «Тут, у каледжы, мяне навучылі працаваць на камп'ютары, — кажа жанчына. — Але дома ў мяне камп'ютара няма. Паўстала пытанне: што купіць? Камп'ютар? Але я не хачу прывязвацца да дома, а планшэт — мабільны, на ім можна дзе хочаш працаваць. Ды і сын сказаў: не бойся, ты нічога не сапсуеш — асвойвай метадам тыку. І я яго асвоіла! Зараз па скайпе размаўляю з сынам, з пляменніцай з Расіі, нібы ўжывую! А колькі сяброў, з якімі жыццё раскідала, знайшла з дапамогай інтэрнэту! Ці яшчэ: раней ледзь што лезла ў Вялікі энцыклапедычны слоўнік, цяпер — толькі ў інтэрнэт!».

...Тым часам манікюр Святлане Іванаўне зроблены. «Малайчына, Юля! — кажа педагог Людміла Давыдава будучаму майстру па манікюры. — Добра зрабіла!»

Навучэнка каледжа Юля Калядзіч  робіць манікюр Святлане Івановай.

Навучэнка каледжа Юля Калядзіч робіць манікюр Святлане Івановай.

 

Шанаваць жыццё ў любых яго праявах

А мы з валанцёрамі едзем выконваць заказ дома, да Ірыны Герасімаўны Ягоравай. Ёй 84 гады, і ўжо 26 з іх яна жыве адна: муж памёр, дзеці «разляцеліся». «Я паўнапраўная гаспадыня гэтага дома і могілак. Там пахаваныя мая мама, мае свякроў і муж...», — з крыху гаркаватай іроніяй кажа пажылая жанчына. І, пакуль навучэнка каледжа Лада Голуб апрацоўвае ёй пазногці, расказвае, што ў яе дзве дачкі — адна зараз у Расіі, другая ў Германіі. Што ўнучка, якая выйшла замуж і з'ехала ў Францыю, скардзіцца, што там зусім іншае жыццё, што вельмі складана знайсці сяброў. Гэта, маўляў, не тое, што ў нас, калі прыходзіш у госці і цябе сустракаюць з адкрытаю душою, накрываюць стол. Там у госці трэба ісці з усім сваім, а калі нічога з сабой не возьмеш, з цябе вылічаць з'едзенае...

Між тым пазногці гаспадыні кватэры ўжо афарбаваны і Надзя Валынец, будучы мастак-мадэльер, пачынае стрыжку. Ірына Герасімаўна — былы работнік культуры. Ды і цяпер яна перадавая жанчына. Дзеці купілі ёй ноўтбук, так што размаўляе з імі па скайпе. «У мяне была цікавая праца, побач — цікавыя людзі. Цяпер — кнігі, можа, дзякуючы ім я і жыву. Шкада, што зараз не так актыўна ходзяць у бібліятэку, а калісьці там жыццё віравала», — амаль непрыкметна ўздыхаючы, кажа Ірына Герасімаўна.

Між іншым, яе бацькі калісьці, у гады вайны, рызыкуючы жыццямі — і сваімі, і сваіх шасцярых дзяцей, — выратавалі яўрэя, які ўцёк ад расстрэлу. Два з паловай гады той пражыў у іх сям'і, перш чым атрымалася пераправіць яго да партызан. Маленькай Іры было тады дзевяць гадоў. «У вайну скончылася наша дзяцінства. Але ўсё перажытае навучыла нас шанаваць жыццё ва ўсіх яго праявах. Мы ведалі, што трэба выжыць любым спосабам», — усміхаецца гаспадыня кватэры.

«Многія пажылыя жанчыны любяць пагаварыць, расказаць пра сябе, пакуль іх падстрыгаеш, — кажа студэнтка каледжа, намеснік каардынатара па працы з валанцёрамі Надзя Валынец. — Слухаць іх вельмі цікава! Ва ўсіх было цяжкае жыццё, але столькі яркіх падзей захоўвае іх памяць, гэта ж жывая гісторыя!»

 Зінаіда Педзь і каардынатар праекта Людміла Давыдава.

Зінаіда Педзь і каардынатар праекта Людміла Давыдава.

 На прычоскі мы нашых жанчын пакуль не вельмі «раскруцілі»...

— Мы папрасілі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання спісы людзей, якія пражываюць у нашым мікрараёне і маюць патрэбу ў дапамозе, — расказвае каардынатар сацыяльнага праекта «Не побач, а разам» Людміла Давыдава. — Наша мэтавая група — пажылыя людзі, народжаныя да 9 мая 1945 года. Яшчэ мы супрацоўнічаем з клубам «Шалом», у якім таксама нямала пажылых людзей. Усяго ў групе ў нас каля 300 чалавек, плюс яшчэ каля 80 чалавек — былых вязняў канцлагераў. Усім ім патэлефанавалі, выслалі запрашэнні з нашымі тэлефонамі.

Паводле слоў Людмілы Давыдавай, многія жанчыны дзівіліся і не разумелі, як гэта ім бясплатна нехта будзе дапамагаць: яны не прывыклі да такога. Затое потым вельмі ўзрадаваліся.

«Некаторых мы абслугоўваем дома, іншыя прыходзяць да нас у рэсурсны цэнтр, — кажа каардынатар праекта. — Там заўсёды нехта дзяжурыць, нашы навучэнцы або майстар. Яны і стрыгуць. Наогул, пастрыгчыся ў нас шмат ахвотных, і ўсе задаволеныя. На прычоскі мы нашых жанчын пакуль не вельмі «раскруцілі» (хоць гэтае слова тут і не вельмі падыходзіць, бо ўсё гэта бясплатна для пажылых гараджан), не разрэкламавалі яшчэ як след. Але фарбуюць валасы ў нас пажылыя жанчыны з задавальненнем. У нашым рэсурсным цэнтры вельмі добра абсталяваныя майстэрні. Тут нашы дзеці праходзяць навучанне, практыку. І не толькі яны, але і навучэнцы з іншых навучальных устаноў з усёй Брэсцкай вобласці».

Сацыяльны праект дапамогі пажылым людзям і дзецям-вязням канцлагераў, якія пражываюць у мікрараёне Тэкстыльны Баранавічаў, стартаваў гэтай вясной і будзе доўжыцца да 2020 года. Ён выйграў грант і будзе рэалізоўвацца за кошт фінансавых сродкаў германскага фонду «Памяць, адказнасць і будучыня» сумесна з МГА «Узаемаразуменне» ў рамках выканання праграмы «Месца сустрэчы — дыялог».

Планаў і задумак у арганізатараў праекта процьма. У прыватнасці, плануюць аказваць бытавыя паслугі: рабіць пажылым людзям бясплатныя стрыжкі, манікюр, рамантаваць адзенне, шыць пасцельную бялізну. Акрамя таго, мяркуецца, што ўдзельнікі праекта забяспечаць і арганізацыю вольнага часу пенсіянераў на базе каледжа і клуба «Шалом» (партнёра праекта). Хочуць арганізаваць тут гурток рукадзелля, камп'ютарнай адукаванасці, закупіць палкі для скандынаўскай хады... Збіраюцца тут таксама праводзіць экскурсіі па памятных месцах Баранавічаў і па Баранавіцкім раёне і іншых рэгіёнах Беларусі. Ужо распрацавана шэсць экскурсій... А яшчэ тут мараць аб стварэнні музейных экспазіцый — з дэманстрацыяй творчых работ пажылых людзей і з фотаздымкамі старога горада і жыцця ў ім. Пасля будзе створана кніга з успамінамі ўдзельнікаў вайны. Яе будуць захоўваць у музеі каледжа.

Святлана Бусько

Copyright 2024  Барановичский край. Интернет-проект о малой родине